ЛЮКСЕМБУ́РГСКАЯ КАМІ́СІЯ, Урадавая камісія для рабочых. Засн. Часовым урадам франц. Другой рэспублікі пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1848 для распрацоўкі захадаў па паляпшэнні становішча рабочых. Дзейнічала 1.3—13.5.1848 у Люксембургскім палацы Парыжа (адсюль назва). Кіраўнікі — члены ўрада сацыялісты Л.Блан (прэзідэнт) і А.Альбер (віцэ-прэзідэнт). Уваходзілі дэлегаты ад рабочых, прадпрымальнікі, эканамісты. Не мела грашовых сродкаў і рэальнай улады. Распушчана ўрадам пасля адкрыцця Устаноўчага сходу.
т. 9, с. 406
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)